Музей Обальскага камсамольскага падполля

Музей Обальскага камсамольскага падполля — філіял дзяржаўнай установы культуры «Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей» заснаваны ў г.п. Обаль Віцебскай вобласці 29 кастрычніка 1965 г. на падставе рашэння Міністэрства культуры БССР як рэспубліканскі музей камсамольскай славы — філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З 1985 г. — музей Обальскага камсамольскага падполля. З 1 студзеня 1990 г.згодна з пастановай калегіі Міністэрства культуры БССР ад 26.06.1989 г. № 45 перададзены ў распараджэнне ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. На падставе рашэння Шумілінскага райвыканкама ад 13.02.2002 г. № 45 рэарганізаваны ў філіял Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. З 1 лістапада 2008 г.пасля правядзення капітальнага рамонту з рэканструкцыяй дзейнічае абноўленая экспазіцыя, урачыстае адкрыццё якой было прымеркавана да 90-годдзя УЛКСМ.

Агульная плошча музея — 194 м2
экспазіцыйна-выставачная плошча — 124,17 м2 мае 4 экспазіцыйных залы:

  • Школьныя і юнацкія гады ўдзельнікаў Обальскага падполля.
  • Развіццё партызанскага руху ў Сіроцінскім з 1961 г. — Шумілінскім раёне.
  • Стварэнне і баявая дзейнасць удзельнікаў Обальскага падполля.
  • Увекавечванне. Памяць.

Аснову экспазіцыі ўтвараюць матэрыялы аб дзейнасці легендарнай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы», якая дзейнічала на тэрыторыі Обальскага сельсавета ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адзінай у сваім родзе маладзёжнай падпольнай арганізацыі не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Сярод унікальных экспанатаў-дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы вядомых герояў-камсамольцаў, у тым ліку Герояў Савецкага Саюза Зяньковай Е. С. і Партновай З. М., творы выяўленчага мастацтва, якія адлюстроўваюць подзвіг юных падпольшчыкаў. У 2008 г. абноўленая экспазіцыя музея папоўнілася дыярамай «партызанскі лагер», карцінай члена Беларускага саюза мастакоў В. Я. Ціханенкі «Падпольшчыкі рыхтуюцца да задання». Абсталявана сучаснай аўдыёапаратурай. У выставачнай зале музея рэгулярна арганізуюцца зменныя выставы і экспазіцыі.

Знаходзячыся на ажыўленай аўтатрасе, паміж двума буйнымі турыстычнымі цэнтрамі Беларусі — Полацкам і Віцебскам, музей Обальскага камсамольскага падполля можа выклікаць вялікую цікавасць у турыстаў - аматараў айчыннай гісторыі, у прыватнасці гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Акрамя таго, будынак музея размешчана ў маляўнічым месцы на беразе ракі Обаль, на тэрыторыі былога сядзібна-паркавага комплексу Ю. Ю. Амбугера, з'яўляючыся яго складовай часткай. Дадзены комплекс адносіцца да помнікаў архітэктуры першай паловы ХІХ стагоддзя і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сардэчна запрашаем у наш музей!